«ЛЕ́ВЫЯ» І «ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,
традыцыйныя паліталагічныя паняцці для абазначэння 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Тэрміны «Л.» і «п.» ўзніклі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99, калі радыкальныя і кансерватыўныя дэпутаты Канвента размяшчаліся адпаведна на лаўках з левага і правага бакоў залы пасяджэнняў. З тых часоў у зах. (еўрап.) традыцыі «левымі» называюць прыхільнікаў паліт., сац. і эканам. пераўтварэнняў у інтарэсах працоўных, прыярытэту агульнадзярж. і грамадскіх інтарэсаў над асабістымі (з 2-й пал. 19 ст. пераважна носьбітаў камуніст. і сацыяліст. ідэалогіі); «правымі» адпаведна лічаць прыхільнікаў капіталізму і захавання традыц. форм дзярж. ладу — звычайна членаў антыкамуніст. і антысацыяліст. партый і рухаў. У СССР панавала ўяўленне, што «правыя» — гэта перш за ўсё прыгнятальнікі народа, ворагі свабоды думкі і слова, а «левыя» — супрацьлеглая ім плынь прыхільнікаў вызвалення чалавека ад паліт., сац., нац. і эканам. прыгнёту. У наш час у краінах былога СССР паступова ўсталёўваецца традыц. для зах. краін падзел на «Л.» і «п.».
т. 9, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)